АМЕРЫКА́НСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ — КАНГРЭ́С ВЫТВО́РЧЫХ ПРАФСАЮ́ЗАЎ

(American Federation of Labor-Congress of Industrial Organizations АФП—КВП),

найбольшае прафс. аб’яднанне ў ЗША. Створана ў 1955 у выніку зліцця Амерыканскай федэрацыі працы і Кангрэса вытворчых прафсаюзаў. Да 1969 уваходзіла ў Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў. Штаб-кватэра ў г. Вашынгтон. З’яўляецца асн. сацыял-рэфармісцкай сілай у краіне, на прэзідэнцкіх выбарах у асноўным падтрымлівае Дэмакр. партыю. У сваёй дзейнасці зыходзіць з ідэі, што рабочыя павінны мець права на забастоўку, выкарыстоўвае метады калект. торгу (для дасягнення калект. дагавору з работадаўцам) і паправак да закону (паляпшэнне існуючых законаў); кіраўніцтва АФП—КВП выступае супраць левага радыкалізму і свабоднай рыначнай стыхіі. Аб’ядноўвае (1994) 98 найбуйнейшых прафсаюзаў краіны: рабочых буд. прам-сці, транспартнікаў, партовых грузчыкаў усх. ўзбярэжжа і інш.; больш за 14,5 млн. чл. Старшыні АФП—КВП: Дж.Міні (1955—79), Л.Керкленд (з 1979). Друкаваныя органы: штотыднёвік «AFL—CIO News» («Навіны АФП—КВП») і штомесячны час. «American Federationist» («Амерыканскі федэрацыяніст»).

т. 1, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)